Чарговыя заняткі ў абласной школе маладога настаўніка беларускай мовы і літаратуры

12 сакавіка 2020 года на базе дзяржаўнай установы адукацыі “Магілёўскае абласное кадэцкае вучылішча” сабраліся маладыя спецыялісты, якія выкладаюць беларускую мову і літаратуру ў розных школах Магілёўскай вобласці. Падставай для сустрэчы сталі чарговыя заняткі ў абласной школе маладога настаўніка. Тэма заняткаў “Арганізацыя дзейнасці настаўніка беларускай мовы і літаратуры па развіцці яго прадметна-метадычных кампетэнцый ва ўмовах абнаўлення зместу адукацыі” вызначаецца сваёй актуальнасцю. Заняткі праводзіла настаўнік беларускай мовы і літаратуры вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі Вараб’ёва Алена Анатольеўна.

Навукова-метадычная частка заняткаў была прысвечана знаёмству і апрабацыі на практыцы сучасных прыёмаў і сродкаў візуалізацыі вучэбнага матэрыялу: скрайбінгу, сторытэлінгу, гексаў, постара, кросэнсу. Падчас майстар-класа настаўнікі з цікавасцю складалі пазл з гексаў па тэме “Роды літаратуры”, стваралі постары пра Купалле, расшыфроўвалі кросэнс пра гісторыю стварэння рамана І.Шамякіна “Сэрца на далоні”.

Практыка арыентаваная частка прайшла на прыкладзе ўрока беларускай літаратуры ў 11 “А” класе па тэме “Вобразы-персанажы ў п’есе А.Дударава “Князь Вітаўт”, на якім была прадэманстравана тэхналагічная культура педагога. Пры правядзенні ўрока на арыентацыйна-матывацыйным этапе Алена Анатольеўна актуалізавала базавыя веды вучняў па тэме ўрока, выкарыстаўшы міжпрадметныя сувязі з гісторыяй Беларусі. На аперацыйна-дзейнаснай стадыі ўрока вучні складалі постар па зместу п’есы “Князь Вітаўт”, праводзілі завочную экскурсію па месцах дзеяння ў творы з выкарыстаннем старажытнай карты Вялікага княства Літоўскага, абаранялі актуальныя для сябе статусы з тэксту драмы. Характарыстыцы герояў твора спрыяла “шасцівугольная тэхніка”: працуючы ў групах, вучні складалі пазл з гексаў, аргументавалі праведзеныя лагічныя сувязі паміж гексамі.

Падчас правядзення аналізу наведанага ўрока маладыя педагогі адзначылі насычанасць яго разнастайнымі прыёмамі навучання, вялікую шчыльнасць вучэбных заняткаў, узаемасувязь усіх этапаў урока і прадуктыўнае выкарыстанне сродкаў візуалізацыі вучэбнага матэрыялу.

Зваротная сувязь з удзельнікамі заняткаў падчас правядзення рэфлексіі выявіла актуальнасць і прафесійную неабходнасць у правядзенні такога кшталту мерапрыемстваў, бо развіццё адукацыі спрыяе пастаяннаму абнаўленню метадычных прыёмаў і метадаў. Таму патрэба ва ўзбагачэнні ўласнага метадычнага арсеналу і ў абмене вопытам існуе пастаянна.

Бако Алена Андрэеўна, метадыст аддзела сцыяльна-гуманітарных дысцыплін УА “Магілёўскі дзяржаўны абласны інстытут развіцця адукацыі”, кантактны тэлефон (0222) 400306

Глядзець ФОТАГАЛЕРЭЯ