Школа маладога настаўніка беларускай мовы і літаратуры

9 снежня 2019 года на базе ДУА “Магілёўскае абласное кадэцкае вучылішча” прайшло чарговае пасяджэнне абласной школы маладога настаўніка беларускай мовы і літаратуры “Сучасны эфектыўны ўрок беларускай мовы і літаратуры: метадычная кампетэнцыя настаўніка”, на якім прысутнічалі 14 настаўнікаў са школ Магілёўскага, Слаўгарадскага, Чэрыкаўскага, Бабруйскага раёнаў, а таксама г.Бабруйска. Перад маладымі спецыялістамі выступіла Бако Алена Андрэеўна, метадыст аддзела сацыяльна-гуманітарных дысцыплін УА “МДАІРА”, якая адзначыла актуальнасць тэмы заняткаў. Сапраўды, ад метадычнай кампетэнцыі настаўніка, ад яго ўмення спраектаваць урок у адпаведнасці з патрабаваннямі сучаснай дыдактыкі залежыць вынік вучнёўскай дзейнасці, паспяховасць працэсу навучання ўцэлым.

Заняткі праводзіла настаўнік беларускай мовы і літаратуры Вараб’ёва Алена Анатольеўна, якая пазнаёміла з патрабаваннямі да ўрока, якія прад’яўляюцца сучаснай дыдактыкай; засяродзіла ўвагу на асаблівасцях арганізацыі асобных кампанентаў педагагічнай дзейнасці настаўніка беларускай мовы і літаратуры; пашырыла ўяўленне пра матывацыйную сферу педагога і вучняў. Падчас сумеснай працы з маладымі настаўнікамі былі актуалізаваны веды пра асноўныя этапы падрыхтоўкі да ўрока, разгледжаны розныя варыянты планавання ўрока.

Асаблівы інтарэс у маладых спецыялістаў выклікаў адкрыты ўрок беларускай літаратуры ў 9 класе “В.Дунін-Марцінкевіч. Камедыя “Пінская шляхта”. Духоўная абмежаванасць засцянковай шляхты”. Аналізуючы наведаны ўрок, настаўнікі адзначылі яго насычанасць разнастайнымі метадамі і прыёмамі з улікам узроставых і індывідуальных асаблівасцей навучэнцаў, узроўню іх падрыхтаванасці, актыўнасць вучняў, іх непрыхаваны пазнавальны інтарэс пры выкананні заданняў. Самай высокай ацэнкай з боку вучняў можна лічыць іх заўвагу аб тым, што ўрок вельмі хутка праляцеў. Дарослыя ж ацанілі мэтанакіраванасць і канкрэтнасць адукацыйных задач, разнастайнасць метадычных прыёмаў, аптымальную арганізацыю дзейнасці дзяцей, якія спрыялі відавочнай пазнавальнай актыўнасці вучняў.

Бако Алена Андрэеўна, метадыст аддзела сацыяльна-гуманітарных дысцыплін УА “Магілёўскі дзяржаўны абласны інстытут развіцця адукацыі”, кантактны тэлефон 40-03-06, e-mail: human [at] mogileviro.by.

Глядзець ФОТАГАЛЕРЭЯ