Кантроль і ацэнка – важныя кампаненты вучэбнай дзейнасці

21 кастрычніка 2019 года на базе ДУА “Магілёўскае абласное кадэцкае вучылішча” прайшло чарговае пасяджэнне абласной школы маладога настаўніка беларускай мовы і літаратуры па тэме “Кантрольна-ацэначная дзейнасць настаўніка беларускай мовы і літаратуры ў сучасных умовах”.

Мэта яго правядзення – аказанне метадычнай дапамогі маладым спецыялістам у арганізацыі і ажыццяўленні кантрольна-ацэначнай дзейнасці на ўроках беларускай мове і літаратуры. Пасяджэнне прайшло ў форме семінара-практыкума.
Мерапрыемства прайшло з удзелам 17 маладых спецыялістаў Магілёўскай вобласці.

Падчас работы семінара-практыкума былі разгледжаны пытанні нарматыўнага прававога забеспячэння арганізацыі кантрольна-ацэначнай дзейнасці педагога па вучэбных прадметах “Беларуская мова” і “Беларуская літаратура”; формы, прыёмы і сродкі кантрольна-ацэначнай дзейнасці вучняў па вучэбным прадмеце “Беларуская літаратура”; асноўныя віды кантролю вынікаў вучэбнай дзейнасці вучняў па вучэбным прадмеце “Беларуская мова”; праграмы і сервісы для стварэння інтэрактыўных кантрольна-ацэначных матэрыялаў.

Ужо другі год школа маладога настаўніка беларускай мовы і літаратуры праводзіцца на базе ДУА “Магілёўскае абласное кадэцкае вучылішча”, дзе працуе вопытны настаўнік беларускай мовы і літаратуры Вараб’ёва А.А., якая ў формах майстар-класа, практыкума звярнула ўвагу маладых педагогаў на праблемныя пытанні пры ажыццяўленні кантрольна-ацэначнай дзейнасці на ўроках беларускай мовы і літаратуры ў сучасных умовах.

Пад яе кіраўніцтвам маладыя настаўнікі практыкаваліся ў прымяненні разнастайных формаў, прыёмаў і сродкаў кантрольна-ацэначнай дзейнасці вучняў па вучэбным прадмеце “Беларуская літаратура” (вядзенне маршрутнага ліста пры вывучэнні лірычных твораў, напісанне літаратурнага дыктанта пры вывучэнні біяграфіі пісьменніка, выпраўленне бракаваных афіш пры вывучэнні драматычных твораў, выкананне інтэрактыўнага тэставага задання на адукацыйнай платформе МООDLE пры вывучэнні эпічных твораў); праверылі свае веды па класіфікацыі памылак і ўліку іх пры ацэньванні тэкставага дыктанта, прынялі аптымальную форму выканання работы над памылкамі, высветлілі асаблівасці ацэньвання работы над памылкамі, творчых работ і вуснага адказу па мове.

У сучасным інфармацыйным грамадстве галоўным багаццем чалавека з’яўляецца час. Традыцыйныя формы праверкі ведаў і ўменняў вучняў патрабуюць вялікіх часавых затрат пры паўрочным кантролі. Пры правядзенні толькі тэматычнага кантролю яны губляюць сваю карэктуючую функцыю. У сувязі з гэтым усё большую папулярнасць набываюць інтэрактыўныя тэставыя заданні. Для маладых педагогаў Вараб’ёва А.А. прадставіла агляд сучасных мультымедыйных рэсурсаў, якія дазваляюць ствараць якасныя, аб’ектыўныя праверачныя заданні па беларускай мове і літаратуры (LearningApps, My TestX, Triventy, Воблака слоў).

Зваротная сувязь з удзельнікамі заняткаў падчас правядзення рэфлексіі выявіла актуальнасць і прафесійную неабходнасць у правядзенні такога кшталту мерапрыемстваў, бо развіццё адукацыі спрыяе пастаяннаму абнаўленню метадычных прыёмаў і метадаў, у тым ліку з прымяненнем камп’ютарных тэхналогій, і патрэба ва ўзбагачэнні ўласнага метадычнага арсеналу і ў абмене вопытам існуе пастаянна.

Бако Алена Андрэеўна, метадыст аддзела сацыяльна-гуманітарных дысцыплін УА “Магілёўскі дзяржаўны абласны інстытут развіцця адукацыі”, кантактны тэлефон 40-03-06, e-mail: human [at] mogileviro.by.

Глядзець ФОТАГАЛЕРЭЯ