СЕКЦЫЯ НАСТАЎНІКАЎ БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ І ЛІТАРАТУРЫ “Сучасныя патрабаванні да рэалізацыі прадметнага зместу пры выкладанні вучэбных прадметаў “Беларуская мова” і “Беларуская літаратура” ў 2017/2018 навучальным годзе”

25 жніўня 2017 года ў рамках абласной жнівеньскай канферэнцыі педагагічных работнікаў, якая адбылася на базе Кіраўскага раёна Магілёўскай вобласці, прайшла секцыя настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры “Сучасныя патрабаванні да рэалізацыі прадметнага зместу пры выкладанні вучэбных прадметаў “Беларуская мова” і “Беларуская літаратура” ў 2017/2018 навучальным годзе”. Месцам правядзення секцыі была ДУА “Гімназія горада Кіраўска”.
У рабоце секцыі прынялі ўдзел настаўнікі беларускай мовы і літаратуры Кіраўскага раёна, кіраўнікі раённых метадычных аб’яднанняў настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры.
У ходзе пасяджэння абмяркоўваліся прыярытэтныя накірункі дзейнасці настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры на 2017/2018 навучальны год.
У прыватнасці, метадыст аддзела сацыяльна-гуманітарных дысцыплін установы адукацыі “Магілёўскі дзяржаўны абласны інстытут развіцця адукацыі” Бако А.А. і метадыст аддзела планавання і каардынацыі павышэння кваліфікацыі кадраў установы адукацыі “Магілёўскі дзяржаўны абласны інстытут развіцця адукацыі” Маліноўская С.С. спыніліся на асаблівасцях арганізацыі адукацыйнага працэсу пры выкладанні вучэбных прадметаў “Беларуская мова” і “Беларуская літаратура” і арганізацыі метадычнай работы з настаўнікамі беларускай мовы і літаратуры ў 2017/2018 навучальным годзе”, у тым ліку метадысты акцэнтавалі ўвагу на зменах зместу агульнай сярэдняй адукацыі з улікам міжпрадметных сувязяў і практыкаарыентаванай скіраванасці ў вучэбных праграмах; абнаўленне вучэбных праграм па вучэбных прадметах “Беларуская мова” і “Беларуская літаратура”; укараненне вучэбных дапаможнікаў новага пакалення, распрацаваных у адпаведнасці з абноўленымі вучэбнымі праграмамі.
Вопытам работы метадычнага аб’яднання настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры Кіраўскага раёна падзялілася Вавілава А.П., метадыст аддзела адукацыі, спорту і турызму Кіраўскага раёна.
Набыткі і напрацоўкі па пазаўрочнай дзейнасці па беларускай мове і літаратуры як складніку эфектыўнай адукацыі прадставіла Рыняк С.Л., настаўнік беларускай мовы і літаратуры ДУА “Паўлавіцкая сярэдняя школа імя Г.А. Худалеева”. Цікавы і займальны майстар-клас па выкарыстанні на ўроках беларускай мовы інтэрактыўных метадаў навучання правяла Свірко С.Р., настаўнік беларускай мовы і літаратуры ДУА “Гімназія горада Кіраўска”.
Напрыканцы пасяджэння прайшоў круглы стол “Метадычнае аб’яднанне як асноўная форма работы настаўніка беларускай мовы і літаратуры па ўдасканаленні прафесійнай кампетэнтнасці” ў форме дыскусіі, дзе кіраўнікі раённых метадычных аб’яднанняў настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры не толькі падзяліліся вопытам работы, але мелі магчымасць абмеркаваць праблемныя пытанні пры арганізацыі работы і шляхі іх вырашэння.
Пры падвядзенні вынікаў работы былі выпрацаваны рэкамендацыі па арганізацыі і ажыццяўленні работы па выкладанні вучэбных прадметаў “Беларуская мова” і “Беларуская літаратура”; правядзенні работы па прыярытэтных накірунках дзейнасці настаўніка беларускай мовы і літаратуры ў 2017/2018 навучальным годзе.